ЛЯ́МПА БЯГУ́ЧАЙ ХВА́ЛІ,

электравакуумная прылада для ўзмацнення па магутнасці эл.-магн. ЗВЧ ваганняў, у якой электронны паток узаемадзейнічае з запаволенай бягучай эл.-магн. хваляй. Выкарыстоўваецца ў лініях далёкай сувязі для перадачы вял. колькасці інфармацыі.

Створана амер. вучоным Р Компфнерам у 1943. Характарызуецца вял. шырынёй паласы частот (дазваляе, напр., перадаваць адначасова ад дзесяткаў да соцень тэлевізійных праграм), малым каэфіцыентам шуму, вял. каэфіцыентам узмацнення. Адрозніваюць Л.б.х. О-тыпу з прамалінейным электронным патокам (найб. пашырана) і М-тыпу, дзе электронны паток рухаецца ў перакрыжаваных пастаянных эл. і магн. палях. Каэфіцыент узмацнення да 50 Дб і больш, дыяпазон частот ад 300 МГц да 300 ГГц, ккдз ад 20 да 60%. Гл. таксама Лямпа звышвысокачастотная.

А.А.Кураеў.

Схема будовы лямпы бягучай хвалі: 1 — электронная пушка; 2 — уваходны хвалявод; 3 — магнітнае прыстасаванне факусіроўкі; 4 — спіральная запавольвальная сістэма; 5 — выхадны хвалявод; 6 — калектар.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)